Дата нараджэння Буднага дакладна невядомая,
лічыцца, што гэта адбылося каля 1530 года. У чатырнаццацігадовым
узросце будучы знакаміты мысляр-гуманіст паступіў на факультэт
вольных мастацтваў Кракаўскага ўніверсітэта. Правёўшы ў ягоных
сценах блізу дзесяці гадоў, Будны атрымаў выдатную адукацыю. На
старонках ягоных твораў чытач сустракаецца з імёнамі Арыстотэля і
Плятона, Дэмасфена і Цыцэрона, Вергілія і Гарацыя, Ціта Лівія і
Плінія Старэйшага, Эразма Ратэрдамскага, Францішка Скарыны, Івана
Фёдарава... Магчыма, пасля Кракава ён скончыў яшчэ тэалагічны
факультэт пратэстанцкага Базэльскага ўніверсітэта.
У 1558 годзе Сымон Будны прыехаў у Вільню і стаў катэхізістам -
пратэстанцкім настаўнікам, які па нядзелях, аўторках, пятніцах і
святочных днях па-беларуску выкладаў дарослым і дзецям асновы
рэфармацыйнага вучэння. Выявіўшы бліскучыя здольнасці, праз два
гады ён атрымаў падвышэнне - пасаду прапаведніка ў Клецку. Тут
Будны намерыўся заняцца яшчэ і друкаванай прапагандаю ідэяў
гуманізму і Рэфармацыі. Разам з нясвіжскім старастам Мацеем
Кавячынскім і кальвінісцкім прапаведнікам Лаўрэнам Крышкоўскім з
фінансавай падтрымкаю беларускіх магнатаў Астафея Валовіча і
Мікалая Радзівіла Чорнага Будны заснаваў у 1562 годзе ў Нясвіжы
адну з першых у Беларусі друкарняў. Сюды з Вільні быў перавезены шрыфт,
якім у свой час карыстаўся Скарына. Пры друкарні была, дарэчы,
збудаваная і паперня.
Поўны назоў першай кнігі Буднага, што выйшла з нясвіжскай друкарні 10
чэрвеня 1562 года, чытаецца так: «Катехисис, то ест наука
стародавная христианская от светого писма, для простых людей
языка руского, в пытаниях и отказех собрана». Аўтар «Катэхізіса»
выклаў свае тагачасныя рэлігійна-філасофскія, палітычныя і
педагагічныя ідэі. «Каждый господар, - пісаў ён, - цар ли, княз
ли, воевода ли, или боярин, или мещанин, кто бы только мел
подданных, повинен им сие три речи: напервей выхованье, потом
науку, а третье наказанье». Бачачы пагрозу паланізацыі, філосаф рашуча
выступіў у абарону беларускай мовы. У «Посвящении» да «Катэхізіса»
ён звяртаецца да князёў Радзівілаў з такімі словамі: «Абы ваши
княжацкие милости не только в чужеземских языцех кохали, але, бы
ся теж и того здавна славного языка словенского розмиловати и
оным ся бивити рачыли. Слушная бо реч ест, абы ваши княжацкие
милости того народу языка миловати рачили, в котором давные
предки отци ваших княжацких милости славные преднейшие
преложенства несуть».
У тым жа 1562 годзе з нясвіжскага друкарскага варштата сышоў яшчэ
адзін беларускамоўны твор Буднага - «Пра апраўданне грэшнага
чалавека перад Богам», які да нашых дзён не захаваўся.
Неўзабаве Будны становіцца адным з ідэйных правадыроў беларускай
Рэфармацыі і ўзначальвае яе радыкальную плынь - так званых
антытрынітарыяў. Яны, вядомыя яшчэ як «літоўскія браты» і арыяне,
выступалі супроць бальшыні царкоўных абрадаў і догматаў, адмаўлялі
Святую Тройцу, не верылі ў замагільны свет і неўміручасць душы.
Адстойваючы свае погляды, Будны разгарнуў чынную
літаратурна-публіцыстычную і выдавецкую дзейнасць. Велізарных
намаганняў патрабаваў ад яго і пераклад на польскую мову Бібліі,
які выйшаў у свет у 1572 годзе.
Па смерці Мікалая Радзівіла Чорнага Будны знаходзіць сабе новага
магутнага апекуна і брата па веры - беларускага магната Яна Кішку. У
сваім замку ў Лоску гэты мецэнат стварае друкарню і робіць свайго
падапечнага яе паўнапраўным гаспадаром. Тут Сымон Будны выдае
шэраг кніг, сярод якіх Новы запавет з прадмоваю і каментарамі,
трактаты «Аб дзвюх прыродах Хрыста», «Аб свецкай уладзе», «Аб
галоўных палажэннях хрысціянскай веры».
Філосаф выступае за творчую свабоду асобы і супроць рэлігійнага
фанатызму, піша пра неабходнасць засваення культуры іншых народаў і
выкрывае праваслаўных дзеячоў, што адмяжоўваліся ад здабыткаў
заходнеэўрапейскай навукі і асветы. Ён перакладае з французскай мовы і
друкуе кнігу «Пра фурый, або Французскія вар'яцтвы», дзе
апавядалася пра жудасныя падзеі Варфаламееўскай ночы, калі
каталікі выразалі тысячы пратэстантаў. Пераклад гучыць як
папярэджанне грамадству Вялікага Княства Літоўскага, у якім
таксама ішла рэлігійная барацьба. Высокую адзнаку адукаваных
чытачоў атрымліваюць і пазначаныя несумненным літаратурным
талентам вершы Буднага.
Пры канцы жыцця мысляр разышоўся ў поглядах з былымі паплечнікамі. Ён
даказваў, што валоданне ўласнасцю, праца на дзяржаўных пасадах,
удзел у войнах не пярэчаць духу Эвангелля. За гэта «літоўскія
браты» выключылі Буднага з сваёй супольні. Ён мусіў пакінуць
Лоск, жыў у розных выпадковых мецэнатаў і ў 1593 годзе ў
беларускім мястэчку Вішнева сустрэў сваю смерць.
У Нясвіжы захаваўся будынак, дзе месцілася друкарня Сымона Буднага.
Непадалёку ад яго стаіць помнік выдатнаму гуманісту і асветніку.
Ішла Інфлянцкая вайна (у расейскай гістарыяграфіі
яна мае назоў Лівонскай). Маскоўскія ваяводы дратавалі Беларусь,
неслі на яе зямлю смерць і здзекі. Маскоўшчына рыхтавалася да
вялікага паходу. Іван Жахлівы марыў захапіць Полацак -
найбуйнейшы і найбагацейшы горад нашай краіны.
У расейскай гістарычнай літаратуры існуе даўная традыцыя ідэалізацыі
цара Івана ІV. Яго называюць выдатным дыпламатам, філосафам,
таленавітым пісьменнікам. З вядомых прычынаў гэтая тэндэнцыя
паспяхова развівалася ў гады сталіншчыны. У тагачасным бестсэлеры
- рамане В.Костылева «Иван Грозный» цар-бацюхна верна служыць
народу, кладзецца спаць і ўстае з адным клопатам - «как служить
Богу и как истреблять врагов России». Гэты погляд зняпраўджваюць
самі ж знакамітасці расейскай гістарычнай навукі. М.Кастамараў
называў Івана ІV «чудовищем, которое лжет в каждом слове», а
В.Ключэўскі - «зверем от рождения».
Ён з дзяцінства меў садысцкія схільнасці - напрыклад, любіў глядзець,
як канаюць скінутыя ім з высокіх крамлёўскіх дахаў таварышы
ягоных гульняў. З гадамі садызм зрабіўся для цара жыццёвай
патрэбаю: ён уласнаручна забіваў колішніх сяброў, абарваў сынава
жыццё. Эўропа глядзела на яго як на дэспата, роўнага якому не
было ні ў Старым, ні ў Новым свеце. Крывавая тыранія напоўніла
краіну даносчыкамі і катамі. Менавіта гэты маскоўскі валадар
пакінуў Расеі ў спадчыну ўжо цалкам сфармаванае азіяцкае
самаўладдзе, што трымалася на тэроры супроць свайго народа. Не Грозным, а
Жахлівым называлі яго на паняволеных землях.
Іван ІV асабіста ўзначаліў полацкі паход. Калі верыць маскоўскім
пісцам, цар вёў 200 тысяч конніцы, 60 тысяч пяхоты і 80 тысяч
абозных. Гісторыкі лічаць такія лічбы моцна завышанымі і
пагаджаюцца на 60 тысяч воінаў, але гэта ўсё адно была велізарная
сіла. Войска мела 200 гарматаў, у тым ліку чатыры вялікія
сценабітныя і 36 камене- і вогнекідальных. Гарматы, порах ды іншы
вайсковы рыштунак цягнула на сабе цэлае войска - 40 тысяч
«чорных людзей». 31 студзеня 1563 года гэтая арда спынілася на
дзвінскіх берагах. Перад ёю ляжала галоўная цвердзь Вялікага Княства -
горад з дзевяцівежавым замкам, з дванаццаццю манастырамі і
васемнаццаццю храмамі.
Зусім невялікі параўнальна з непрыяцелем гарнізон здавацца тым не
менш не збіраўся. Палачане нават учынілі начны вылаз з мэтаю
адбіць у ворага артылерыю. Абаронцы горада маглі б вытрымаць
доўгую аблогу, каб не памылкі полацкага ваяводы Станіслава
Давойны. Першы раз ён спудлаваў, выправіўшы з горада - каб
паменшыць колькасць едакоў - дзве тысячы сялянаў, што ўмацоўвалі
сцены. Царскія людзі палавілі іх і прымусілі паказаць лясныя ямы з
гарадскімі запасамі збожжа. Другі раз Давойна схібіў, калі адвёў
абаронцаў у замак і падпаліў астрог з пасадамі. Пад прыкрыццём густога
дыму стральцы ўварваліся ў места і перацягнулі туды гарматы. У
той дзень палоннымі сталі 11 тысяч навакольных сялянаў, што
хаваліся ад захопнікаў за полацкімі сценамі. Варожая артылерыя
ўжо магла страляць па замку простай наводкай. Апрача таго,
маскоўцы падвялі падкоп і ўзарвалі вялікі парахавы прыпас, ад
чаго выгарала трыста сажняў сцяны. Тым часам маскоўскае воінства
плюндравала Прыдзвінне, выпальваючы ад Дзісны да Дрысы вёску за
вёскай.
14 лютага цар загадаў біць з вогненных гарматаў, і за пяць гадзін да
світання фартэца загарэлася. Пасля сёмага варожага прыступу
ваявода Давойна з дэпутацыяй у складзе полацкага епіскапа Арсеня і
лепшых людзей ад шляхты выйшаў з замка і папрасіў літасці.
Полацкая шляхта і пяцьсот каронных рыцараў адмовіліся здавацца і
адбіваліся яшчэ некалькі дзён, але лёс горада быў вырашаны.
Цар дакляраваў пакінуць абаронцам Полацка волю і маёмасць. Ваявода
Давойна, быццам забыўшыся, што дзяржаўнага слова ў Маскоўшчыне
ніколі не трымалі, выступіў з фартэцы з усім войскам і
артылерыяй. Пасмяяўшыся з веры палачанаў у ягоныя абяцанні, цар
Іван акружыў палонных моцнай аховаю і загадаў пяць дзён не даваць
ім есці. Мірных гараджанаў выгналі ў поле і таксама ўзялі пад
варту. Гарадскі скарб, уласнасць купцоў, шляхты і ўсіх заможных
жыхароў цар прысабечыў і адаслаў у сваю сталіцу. Абяцаную волю
атрымалі толькі польскія рыцары. Яны мусілі паведаміць свайму гаспадару
Жыгімонту Аўгусту, што маскоўскі валадар вайны не прагне, а хоча
толькі вярнуць «свае» Валынь, Галіччыну і Беларусь да самай
Вільні.
У Полацку жыло шмат юдэяў. Ім, ад старых да немаўлятаў, выпала
страшная доля - загінуць пад лёдам Дзвіны і Валовай азярыны.
Пскоўскі летапіс апавядае: «Которыя были в городе люди жидове, и
князь великий велел их с семьями в воду в речную вметати и
утопили их». Такі ж лёс напаткаў каталікоў. Царскія татары
пасеклі шаблямі манахаў-бернардзінаў і пусцілі дымам іхны храм. У
той дзень апошні раз маліліся Богу і браты-дамініканы. Цар
наказаў без усякага суда пазбаўляць жыцця ўсіх, хто хрысціцца не
па-праваслаўнаму. Пасля той разні ў горадзе з'явіліся першыя каталіцкія
святыя - пакутнікі Адам, Дамінік і Пётра, што загінулі ад
стралецкіх шабляў. Паданне кажа, што ў Полацку, калі трэба было
змацаваць грамату пячаткай, цар выганяў усіх прэч, каб не бачылі,
як з ягоных рук крапае кроў.
Горад ператварыўся ў велізарнае пажарышча. Згарэла ўся яго ўмацаваная
частка, дзе было тры тысячы двароў. Ваяводу Давойну з жонкаю і
дзецьмі, епіскапа Арсеня, знаных полацкіх шляхцічаў Неміровіча,
Корсака, Ешманаў ды іншых цар адправіў у Маскоўшчыну. Акупанты
абвясцілі ўсіх месцічаў палоннымі, панішчылі полацкае рыцарства,
якое адмовілася перайсці на службу да тырана. Стральцы на вачах у
мужоў і бацькоў гвалцілі паважных кабет і маладзенькіх
дзяўчатак. Шляхту, мяшчанаў, усіх, хто хаваўся ў месце, Іван
загадаў вязаць і гнаць на ўсход.
Удзельнік вайны італьянец Аляксандар Гваніні, які быў віцебскім
камендантам, у сваёй «Хроніцы Эўрапейскай Сарматыі» паведамляе, што
маскоўскі цар вывеў з Полацка 50 тысяч палонных. Польскі гісторык
Мацей Стрыйкоўскі (ён на той час таксама служыў у Віцебску)
дадае, што гналі іх не па-хрысціянску, а як юдэяў да Вавілона: і
кабет, і дзяцей вялі злыганых вяроўкамі і абы-як апранутых.
Людзей амаль не кармілі, і яны сотнямі паміралі на зімовых
дарогах ад голаду і марозу. Амаль нікому з палоннікаў не
пашчасціла вярнуцца на Бацькаўшчыну. Тых, хто не застаўся ў сумётах, у
Маскоўшчыне развезлі па розных гарадах і сядзібах. 665 палачанаў
па царовым наказе зарэзалі ў вязніцах.
У аддзеле рукапісаў Публічнай бібліятэкі імя Салтыкова-Шчадрына ў
Пецярбурзе захоўваецца «Псалтыр» другой паловы ХVІ стагоддзя, дзе
можна прачытаць: «Написана сия книга рукою многогрешного и
недостойного раба божего Ивана полонянина полоцкого в заключении и
во двоих путах связанного».
Уладзімір АРЛОЎ
Студзень 1564. Разгром маскоўцаў на рацэ Уле
Захапіўшы беларускае Прыдзвінне, маскоўцы ўвялі
жорсткія акупацыйныя парадкі. Сялянаў і месцічаў гналі ў Маскоўшчыну
або змушалі цалаваць крыж на вернасць цару і ваяваць супроць
братоў. Даведаўшыся пра непрыхільнасць да новае ўлады, царскія
ваяводы пасылалі карныя атрады, якія знішчалі цэлыя вёскі, не
літуючы ні жанчын, ні дзяцей. Заваёўнікі занеслі з сабою чуму,
што пачалася ў 1563-м і касіла людзей чатыры гады. У рукі да
ворагаў трапіла бібліятэка Сафійскага сабора. Каб вынішчыць
памяць палачанаў пра сваю дзяржаву і колішнія вольнасці, царскія
служкі палілі ці вывозілі старажытныя граматы. Магчыма, якраз тады
Беларусь страціла бясцэнны Полацкі летапіс.
Пад маскоўскія гарнізоны ў Прыдзвінні ўзводзіліся новыя замкі. Аўтар
«Запісак пра Маскоўскую вайну» Рэйнгольд Гейдэнштэйн пісаў: «На
пскоўскай дарозе на паўвыспе паміж рэкамі Дрысаю і Нішчаю супроць
літоўскіх фартэцаў Дзісны і Дрысы маскавіты пабудавалі фартэцы:
Сокал і Нешчарду на возеры з тым жа назовам, Сітна па дарозе на
Вялікія Лукі; потым Каз'ян на рацэ Обалі і Ўсвят на суднаходнай
рацэ таго сама назову, што зліваецца з Дзвіною каля Суража.
Каз'ян супроцьстаяў Уле, Усвят - Віцебску і Суражу. На левым баку
Дзвіны цар пабудаваў у вусці аднайменнай ракі Туроўлю, а на
месцы вельмі ўмацаваным і абваколеным з усіх бакоў вадою (на возеры Суша
за трыццаць вёрстаў ад Туроўлі) узведзена фартэца Суша, што
пагражае Літве. Апрача таго, ён дадаў да пералічаных замкаў
Красны, які таксама ляжыць на высокім месцы ў кірунку да Літвы».
Паслам вялікага князя Жыгімонта Аўгуста, якія прыехалі ў Маскву
падпісаць замірэнне, Іван ІV паставіў загадзя невыканальную ўмову -
вярнуць Інфлянты (Лівонію) і Полацкую зямлю. Між тым у часе
перамоваў царскія палкі ўжо збіраліся ў Вязьме, Дарагабужы і
Смаленску ў новы паход. Вайна, якая з Інфлянцкай ператварылася ў
Полацкую, працягвалася.
Полацкаму намесніку Пятру Шуйскаму было наказана выступіць да Воршы
і, сустрэўшыся паблізу яе з ваяводамі Сярэбранымі-Абаленскімі,
«выпальваючы Літву», ісці на Менск і Новагародак. Шуйскі з
25-тысячным войскам рухаўся, быццам па сваёй зямлі, - дазоры
наперад не пасылаў, панцыры і зброю вёз на санях - і быў за гэта
жорстка пакараны.
Даведаўшыся пра рух непрыяцеля, наш вялікі гетман Мікалай Радзівіл,
што стаяў у Лукомлі, узяў з сабою адборных коннікаў і на беразе
Улы каля вёскі Іванск (цяпер у Чашніцкім раёне) раптоўна ўдарыў
па ворагу. Стральцы не паспелі ні надзець браню, ні стаць у
палкі. Сеча доўжылася пяць гадзін, а надвечар маскоўцы, кінуўшы
абоз, пабеглі. Нашы ваяры да глыбокае ночы ў месяцавым святле
пераследвалі і дабівалі захопнікаў. Радзівілу чынна дапамагалі
тамтэйшыя жыхары. Просты селянін з Іванска забіў сякераю самога
ваяводу Пятра Шуйскага.
Ад куляў, шабляў і дзідаў на берагах Улы палегла дзевяць тысяч
маскоўцаў і столькі ж патанула. Як сведчыць польскі храніст Мацей
Стрыйкоўскі, мноства чалавечых костак на месцы бітвы можна было
ўбачыць яшчэ праз дваццаць гадоў пасля яе. Пераможцы захапілі
дванаццаць ваяводаў і абоз з трох тысяч вазоў. Цела князя
Шуйскага знайшлі ў рацэ. Радзівіл урачыста ўехаў на ягоным кані ў
Вільню, а царскага ваяводу з пашанаю пахавалі там у царкве
Багародзіцы.
Бліскучая перамога на Уле сарвала планы царскіх ваяводаў зрабіць
паход углыб Вялікага Княства Літоўскага і змусіла іх павярнуць
свае палкі ад Воршы назад.
Раз'ятраны разгромам на Уле і ўцёкамі свайго былога паплечніка князя
Андрэя Курбскага, Іван Жахлівы шукаў палёгкі ў расправе над
полацкім палонам. Аднаго разу проста ад бяседнага стала цар і
застоліца кінуліся ў крамлёўскія сутарэнні, дзе сядзелі вязні.
Здаволіліся адно тады, як зарэзалі болей за сотню бяззбройных
знясіленых людзей, а потым вярнуліся да хмяльных сталоў -
дапіваць. Вядома, што ў той разні полацкі шляхціч Быкоўскі
выхапіў у цара з рук дзіду, але сілаў на тое, каб адправіць яго ў
магілу, ужо не хапіла.
Увосень таго ж 1564 года да Полацка падступіла нашае войска на чале з
Радзівілам і Курбскім. На прапанову здавацца новы царскі ваявода
Пётр Шчанятаў, ведаючы, што да яго ідуць палкі з Вялікіх Лукаў,
адказаў гарматнымі стрэламі. Баючыся акружэння, гетман зняў
аблогу і пераправіўся на левабярэжжа. Пасля гэтага на працягу
пятнаццаці гадоў значных баявых дзеянняў у полацкім наваколлі не
было. Час ад часу адбываліся адно памежныя сутычкі. Атрад Бірулі,
напрыклад, разбіў пад пабудаваным маскоўцамі замкам Сітна чатыры
сотні стральцоў, захапіў шмат пораху, куляў і 120 цяжкіх
стрэльбаў-гакаўніц, а саму фартэцу спаліў.
Зацішша доўжылася, пакуль у снежні 1576 года вялікім князем літоўскім
не быў абраны сямігародскі ваявода вугорац Іштван Баторы, або,
як яго называлі беларусы, Сцяпан Батура, - выдатны палітык і
таленавіты ваявода. Стаўшы на чале дзяржавы, ён прысягнуў заўсёды
асабіста ўзначальваць войска і вярнуць усе заваяваныя
маскоўскімі царамі землі.
Уладзімір АРЛОЎ