История Беларуси и Большой Литвы


Личности->Лужанін Максім ( 1909 - 2001) — беларускі пісьменнік, нар.у в. Прусы (Салігорскі р-н Мінскай вобл.)

Лужанін Максім ( 1909 - 2001) — беларускі пісьменнік, нар.у в. Прусы (Салігорскі р-н Мінскай вобл.)

 
     М. Лужанін — старэйшы беларускі пісьменнік , які напачатку XXIcт. адзначыў свой «высокі юбілей». Больш за семдзесят з пражытых дзевяноста мудрых гадоў аддадзена служэнню роднай літаратуры. «Я веку радавы равеснік», — з годнасцю канстатуе паэт, тым самым засяроджваючы ўвагу не столькі на аўтабіяграфічных адзнаках, колькі на змесце ўласнай творчасці, у якой адбіліся, нібы ў люстэрку, з аднаго боку, супярэчнасці рэвалюцыйнага пераўтварэння свету і звязаныя з імі выдаткі мастакоўскага мыслення, з другога боку, выразныя асаблівасці сапраўднага таленту, высокае моўнае і стылёвае майстэрства, ашчаднае стаўленне да слова, бясспрэчная эстэтычная культура, якая мае свае вытокі ва «ўзвышэнстве». Шлях пісьменніка няроўны, пакручасты, побач з творчымі ўдачамі ёсць шмат такога, ад чаго ён не супраць адмовіцца. Так, у гутарцы з Л. Рублеўскай на яе пытанне: «Ну, а ці многа сабралася таго, што прыхоўваеце ў шуфлядзе?» — М. Лужанін адказвае: «Мне няма чаго ўтойваць. I таму я ўсё жыццё не пісаў у шуфляду. Іншая справа, што мне цяпер трэба ад многага з напісанага адмовіцца. Я перагледзеў сваю дарогу і тыя абставіны, у якіх жыў, і зразумеў, што панапісваў багата лішняга. Пахадзіў з алоўкам па сваім чатырохтомніку... Ён значна «пахуднеў». Ад цэлых паэм я адмаўляўся, напалавіну скарочваў. Так што тут ідзе не ўтойванне, а паўнейшае выяўленне сябе. Таму што я хачу, каб заставалася такое, ад чаго і на другога чалавека падзьмуў той самы вецер, што і на мяне».
     Безумоўна, строгая патрабавальнасць да сябе заслугоўвае пахвалы, але нельга не заўважыць, што празмерны карпатлівакрытычны перагляд ранейшых твораў мае свае плюсы і свае мінусы, бо асучасніванне якраз і не дазваляе ў поўную меру адчуць сапраўдны подых тагачаснай эпохі, пра што пагаворым, аднак, крыху пазней. Зараз жа звернемся да пачатку жыццёвага шляху пісьменніка.
     Нарадзіўся М. Лужанін (сапр. Каратай Аляксандр Амвросьевіч) 20 кастрычніка (па новым стылі 2 лістапада) 1909 г. у в. Прусы Слуцкага пав. Мінскай губерні (цяпер Салігорскі р-н Мінскай вобл.) у сялянскай сям'і. Дзед будучага паэта меў чатыры дзесяціны зямлі, і гэтага было недастаткова, каб маглі пракарміцца восем сыноў з сем'ямі. Таму ў пошуках заробку Каратай Амвросій Сымонавіч з вёскі Нянькава, што на Навагрудчыне, мусіў пераехаць на Случчыну, дзе скончыў пачатковую школу. У вольныя хвіліны ён вельмі любіў чытаць. Сваю любоў да кнігі перадаў сыну Алесю, які рана пасябраваў з кнігай і яшчэ ў школе быў неабыякавы да рыфмаванага слова.
     Пад восень 1924 г., едучы паступаць у Мінскі педагагічны тэхнікум, ён адчуваў сябе «паэтам», бо меў цэлы сшытак уласных вершаў. Многія аднакурснікі (З. Бандарына, Н. Вішнеўская, П. Глебка, С. Дарожны, В. Казлоўскі) таксама пісалі вершы. Чалавек дзесяць паэтаў-пачаткоўцаў сталі ўзорнай групай студыі «Маладняка», якой кіраваў М. Зарэцкі. Вясной 1925 г. большасць студыйцаў былі прыняты кандыдатамі ў «Маладняк» і студыя спыніла сваё існаванне.
     Восенню 1925 г. былі надрукаваны першыя вершы М. Лужаніна. Разам з сябрамі ён быў удзельнікам 1-га з'езда «Маладняка», дзе слухаў прамову А. Р. Чарвякова. Вершы яго друкаваліся ў рэспубліканскіх газетах і часопісах, быў падрыхтаваны зборнік паэзіі для выдання ў маладнякоўскай бібліятэцы, але яму не суджана было ўбачыць свет, бо праз год услед за старэйшымі, разам з П. Глебкам і С. Дарожным, ён таксама выйшаў з «Маладняка». «Уласна кажучы, — зазначае паэт, — я выходзіў з «Маладняка» не таму, што зрабілася там цесна і душна. На мой тагачасны літаратурны рост у арганізацыі ставала і паветра і прасторы. Мяне, ды, відаць, не памылюся, калі скажу — і маіх сяброў, прыцягвалі да выйшаўшых раней таварышаў іх літаратурныя магчымасці», а дакладней, «поўныя трапяткога чалавечага пачуцця» новыя рэчы К. Чорнага, «бліскучае і вострае слова» К. Крапівы, «нязвыклыя, але самі прыпадаўшыя да памяці радкі» У. Дубоўкі, «натхнёнасць разваг» А. Бабарэкі, «асабістая абаяльнасць» З. Бядулі. Невыпадкова, кіруючыся з бацькоўскай хаты ў далёкую дарогу, М. Лужанін нёс «пад пахаю кніжкі — «Пачуцці», «Трысцё» (К. Чорнага і У. Дубоўкі).
     Далейшыя творчыя арыенціры і перспектывы бачыліся былым маладнякоўцам у літаратурным згуртаванні «Узвышша». «Я зусім не хачу, — працягвае М. Лужанін, — маляваць «Узвышша» райскім дрэвам, пад ценем якога ў шчасці і згодзе тварылі паэты і пісьменнікі. Не, у нас былі спрэчкі, і разыходжанні, і размежаванні. Так заўсёды знаходзіцца ісціна, і час пацвярджае яе».
     Сустрэчы з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Кузьмой Чорным, Кандратам Крапівой, Уладзімірам Дубоўкам, літаратурныя вечары, дыспуты, вусная газета «Чырвоны прамень», якую М. Лужанін рыхтаваў разам з П. Глебкам і П. Трусам пад агульным псеўданімам «Шаўцы» і якая карысталася папулярнасцю ў студэнтаў, — усё гэта з'яўлялася добрай школай літаратурнага выхавання і садзейнічала творчай актыўнасці маладога паэта.
     У 1928 г. выйшла з друку яго першая кніга «Крокі», якую «хрысцілі» Янка Купала і Цішка Гартны (тады загадчык выдавецтва). У тым жа годзе ён стаў студэнтам літаратурна-лінгвістычнага факультэта БДУ, дзе правучыўся да 1930 г. Са студзеня па кастрычнік 1931 г. працаваў сакратаром часопіса «Узвышша», у канцы 1931—33 гг. — рэдактарам на Беларускім радыё. 23 красавіка 1933 г. быў незаконна арыштаваны, а 10 жніўня незаслужана асуджаны на два гады пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Марыінску Кемераўскай вобл., рэабілітаваны ў 1956 г. З 1935 г. М. Лужанін працаваў рэдактарам-арганізатарам Галоўнай рэдакцыі літаратуры па машынабудаванні ў Маскве. У жніўні 1941 г. прызваны ў Савецкую Армію, скончыў Падольскае пяхотнае вучылішча (1942 г.), удзельнік баёў пад Масквой і Сталінградам. Пасля дэмабілізацыі (1944 г.) загадваў аддзелам культуры ў газеце «Звязда», працаваў адказным сакратаром часопіса «Вожык», рэферэнтам АН БССР (сакратаром Якуба Коласа). З 1959 г. член сцэнарнай калегіі, у 1967—1972 гг. галоўны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1969), заслужаны дзеяч культуры Польскай Народнай Рэспублікі (1975), лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа 1965 г. за аповесць-эсэ «Колас расказвае пра сябе» (1964).
     Пачатак творчасці М. Лужаніна, пошукі адметнага голасу цалкам звязаны з маладнякоўскай паэзіяй, своеасаблівымі ўзорамі якой з'яўляюцца яго кнігі «Крокі» і «Новая ростань». Для іх характэрны абстрактна-вобразная сімволіка, рэвалюцыйная рамантыка, прыўзнята-ўрачысты настрой, каляровае ўспрыманне свету, зрокавыя і слыхавыя асацыяцыі: «льецца песня — вясновая радасць» («Падарожжа»), «іскры роснай зары пунсавелі» («Начныя думкі»), «Ціха падаюць, сцелюцца, звоняць сняжыны» (назва верша). Асобныя вершы вызначаюцца расплывістасцю пачуццяў, меланхалічнасцю, штучным нагнятаннем тугі і трывогі. Смутак, журба, адзінота тут больш прыдуманыя, чым сапраўдныя: «Сіні месяц упаў на вяршаліны дрэў — затрымцелі трывожныя дрэвы» («Начныя думкі»), «туга ў васільковым абрысе», «туга дыяментавых рос», «скруха абрыву» («Адмаўленне»), «скаргі жоўтых лістоў», «сонца крывавіць», «туманы зоры косамі студзяць» («Зацвітанне душы»), «асядае каралямі змрок» («Падарожжа»). Тут ёсць і «Пацеркі сэрца» (назва вершаванага цыклу), і «пачуццёвы кілім» («Начныя думкі»), і шмат іншай пачуццёварамансавай квяцістасці.
     «Гэта нагадвае свайго роду літаратурны «авангардызм» у яго беларускім варыянце, — зазначае У. Гніламёдаў. — Ускладненасць мовы, стылю, уласцівая ў аднолькавай ступені і паэзіі, і прозе, характэрна і беларускаму «маладнякізму».
     Праўда, ідэалагічна і светапоглядна маладое беларускае мастацтва было надзвычай далёкім ад авангардызму з яго індывідуалізмам, самацэннасцю формы. Мова ў нашай паэзіі ніколі не губляла сваёй грамадскай функцыі, не станавілася самамэтным прадметам творчасці, крыніцай для абстрактных пабудоў».
     Гэту думку даследчыка пацвярджаюць нават некаторыя раннія творы М. Лужаніна. У лепшых з іх мова сапраўды не з'яўляецца сродкам нейкіх самамэтных вышукаў («Ізноў я дома»):
     
     Ізноў я дома...
     Цішыня...
     Вятры цалуюць шчокі вішань...
     Прасторам любым шапку зняў
     І ў далячынь лугамі выйшаў.
     
     У кнізе «Новая ростань» лепшыя вершы змешчаны ў апошняй нізцы «Случчына». Яны прысвечаны вёсцы, развітанням і сустрэчам з родным домам, але і ў іх адчуваецца, як пры ўсёй апантанасці і жаданні выказацца аўтару не хапае жыццёвага вопыту, а яго радкам — індывідуалізацыі пачуццяў, дынамікі перажывання. Так, радасць вяртання ў родныя мясціны, музыка душы выліваюцца ў экспрэсіўнасць малюнку ў вершы «Па-над Случчынай ноч...». Але многае тут ад кніжнага, запазычанага ў іншых паэтаў:
     
     Зноўку ціхае золата
     ў небе рассыпана...
     Па-над Случчынай ноч,
     па-над Случчынай зорная ноч!
     I не верыцца нават,
     што бомы усхліпваюць,
     што дадому вярнуўся ізноў.
     
     Думкі паэта могуць нечакана скіроўвацца да экзотыкі чужых і далёкіх краін, «туды, дзе не стынуць сляды Клеапатры, на белых усходах тугі пірамід» («Шчаслівая восень»). Праўда, у пазнейшых выданнях радкі пра Венецыю, Рым выкінуты, а назва верша «Новая ростань» стала больш адпавядаць яго ідэйнай задуме. Пры ўключэнні ў пазнейшыя выданні паэт пастаянна дапрацоўвае, шліфуе раннія творы, удакладняе назвы, выкідвае невыразныя мясціны, аднак гэта не азначае, што вершы заўсёды становяцца бездакорнымі ў мастацкіх адносінах. Так верш «I здаецца радзіма» быў аб'яднаны з вершам «Па-над Случчынай ноч» і ўвайшоў у склад апошняга, але ад гэтага не знікла экзатычна-фантастычная неакрэсленасць пейзажнай замалёўкі, расплывістасць вобразных абрысаў («і здаецца радзіма дзіўною Турэччынай»). Дарэчы, гэта расплывістае, няпэўнае параўнанне засталося і ў апошняй рэдакцыі.
     У паэзіі М. Лужаніна, як не раз адзначалі крытыкі (В. Бечык, Р. Бярозкін, А. Вялюгін, У. Гніламёдаў), нярэдка адчуваюцца чужыя ўплывы, улаўліваюцца інтанацыі М. Някрасава і М. Лермантава, сустракаюцца матывы А. Блока і С. Ясеніна, не кажучы пра М. Багдановіча: «Тую ружу, што я падарыў, прышпіліла да чорнага шалю» («Ружу кінула»), «Вечарамі — хаджу на дарогу, заклікаю кагосьці, заву» («Зацвітанне душы»).

 Як і іншых маладнякоўцаў, М. Лужаніна прываблівала паэзія С. Ясеніна, зачараванасць якой асабліва адчуваецца ў сярэдзіне 20-х г. Засваенне літаратурнай моладдзю эстэтыкі рускага паэта гэтак жа, як і эстэтыкі М. Багдановіча, адбывалася праз матывы, вобразы, інтанацыі, што абумоўлівала пэўную аўтэнтычнасць твораў маладых аўтараў.
     Канцэпцыя цэласнага ўспрымання свету пачынаецца ў М. Лужаніна з цвёрда ўсталяваных стэрэатыпаў маладнякоўскай паэтыкі, знаёмых па творчасці Я. Пушчы, П. Труса. Гэта першапачатковая прыступка майстэрства засведчыла яго паспяховае авалоданне паэтычным сінтаксісам і тэхнікай вершаскладання. Далей яму адкрываліся больш шырокія перспектывы «абжывання» новых прастораў у межах сваёй краіны і свайго часу, але гэта ўжо больш дасканалая старонка творчасці, трываласць якой выпрабоўвалася выпраменьваннем святла і сілай прыцягнення іншай зоркі, імя якой — У. Маякоўскі.
     Вучоба ў У. Маякоўскага заахвочвала творчую актыўнасць літаратурнай моладзі, у тым ліку і М. Лужаніна, які настойліва ўводзіў у паэзію працоўныя рытмы сацыялістычнай будоўлі. Іншы раз у год выходзілі па дзве-тры ягоныя кнігі: паэма «Неаплочаны рахунак» (1930), зборнікі «Кастрычнікам! Ліпенем! Маем!», «Аднагалосна» і «Галасуе вясна за вясну» (усе ў 1931), «Галасы гарадоў» (матэрыял на паэму — так вызначыў аўтар) і «Першамайская вуліца» (абедзве ў 1932). Не ўсе яны раўназначныя па навізне змешчанага ў іх матэрыялу. Так, з трох кніг 1931 г. дзве амаль цалкам паўтараюць першую. Паэма «Неаплочаны рахунак», акрамя асобнага выдання, была ўключана ў зборнікі «Кастрычнікам! Ліпенем! Маем!» і «Аднагалосна». Верш «Галасуе вясна за вясну» змешчаны ва ўсіх выданнях 1931 г. Паўтараюцца таксама ў розных выданнях вершы «Дзень гневу», «Слівень паказвае рогі», «Дужасць», «Маёвае».
     Асноўную прычыну неаднаразовага перавыдання некаторых твораў можна зразумець, ведаючы вульгарызатарскія патрабаванні тагачаснай крытыкі. Вельмі характэрны ў гэтых адносінах артыкул П. Глебкі «Нататкі пра творчасць Максіма Лужаніна». Аказваецца, як канстатуе П. Глебка, аўтар кніг «Крокі» і «Новая ростань» належаў да групы спадарожнікаў правага крыла, а гэта пісьменнікі, якія «найбольш былі пад уплывам буржуазнай ідэалогіі». Адсюль, безумоўна, і ўсе грахі паэта: «ідэалістычны метад», «калупанне ўнутры свайго хворага «я», «непазбыўны смутак і туга», ідэалізацыя патрыярхальнай вёскі і мінулага Беларусі, ідэал Беларусі не савецкай, а «нацдэмаўскай», адмаўленне класавай барацьбы, праявы буржуазнага гуманізму, недаацэнка сучаснасці, неразуменне ролі трактара. Спрабуючы адхрысціцца ад навешаных на яго ярлыкоў і «памылак», паэт-пачатковец, які толькі ўзыходзіў на ўласную сцежку і пісаў «не столькі лірычныя, колькі эмацыянальныя» (У. Гніламёдаў) вершы, кінуўся ў іншую крайнасць, спяшаючыся пераканаць крытыкаў у сваёй адданасці партыі, народу і справе сацыялізму. У выніку з'явіліся названыя вышэй кнігі, старонкі якіх запоўнены рыфмаванай публіцыстыкай, баявымі камсамольска-піянерскімі лозунгамі, рапартамі, бальшавіцкімі заклікамі да пільнасці і змагання з ворагамі, як знешнімі, так і ўнутранымі: «Піянеры! Гартуй рады! За пяцігодку ў чатыры гады!», «За добрую кнігу, за чысты дом піянер павінен быць змагаром», «Пісьменніку наказ ад варштату і плуга: будзь упарты і здатны дойлід, бо нам патрэбна, як нафта, як вугаль, добрая паэзія сацыялістычнай будоўлі!» («Тэмылозунгі на агітплакаты»). Крытыка адзначала ў кнігах 1930—1932 гг. паварот да рэвалюцыйнай рэчаіснасці і ўхваляла творчую перабудову аўтара. «Гэты зрух, — на думку П. Глебкі, — пераводзіць творчасць Максіма Лужаніна з правага на левае крыло спадарожніцтва.
     Задача цяпер для Максіма Лужаніна заключаецца ў тым, каб гэты зрух паглыбіць, каб перайсці на новую, вышэйшую ступень — у саюзнікі пралетарскай літаратуры».
     Хоць выданнем названых кніг паэт і фарсіруе выкананне пастаўленай задачы («Цягну у цэх паэзіі бетон складанай рыфмы»), аднак ён не заўсёды прытрымліваецца прадпісанняў крытыкі, часам выказваючы антыномію погляду на яе пастулаты. Водгалас тагачасных дыскусій і складаных узаемаадносін з вульгарызатарскай крытыкай адчуваецца ў палемічных вершах «Смешная геральдыка» і «Вясновы сігнал»:
     
     Першы верш —
     нарадзіўся паэт.
     Першая кніжка —
     знайшоўся крытык.
     Гэтаму — звінець.
     Таму — папялець.
     Аднаму — вада.
     Другому — карыта.
     
     Ранні варыянт верша «Смешная геральдыка» паэт дапрацоўвае пазней, удакладняючы, развіваючы думку і дапаўняючы радкамі:
     
     Ці ён штурхнуў рэцэнзента ў бок,
     Ці частаваў яго слаба:
     Што ні раніца, то наскок —
     Трашчаць паэтавы скабы.
     
     Асаблівую нязгоду выклікае ў М. Лужаніна выснова крытыкаў-аглабельшчыкаў аб непазбежнай запраграмаванасці нейкіх ідэалагічных ухілаў у творчасці таго або іншага пісьменніка, нібыта дэтэрмінаванай яго сацыяльным паходжаннем: «Калі мой продак і быў хвастаты, дык гэта не значыць, што я з хвастом».
     Нездаровая грамадская атмасфера, калялітаратурныя баталіі, групаўшчына, выпады крытыкі часам выклікаюць разгубленасць, крыўду, незадаволенасць, прымушаюць апраўдвацца, спавядацца ў сваёй аўтабіяграфічнай бязгрэшнасці («Сны аб моры»):
     
     Не меў м ў маленстве ніводнае цацкі,
     Раеказвалі казкі вятры над палямі.
     Нічога не даў мне у спадчыну бацька —
     Ніводнай адзнакі, ніводнае плямы.
     Няма ні імя, ні чырвонцаў, ні славы,
     На гэта ніколі я дзён не растрачваў,
     Вянкамі дарог маіх не высцілалі,
     Затое калючак падсыпаць — як бачыш!
     
     Гэтыя радкі і сёння вельмі надзённыя сваім трагічным суперажываннем, «галактычным» болем, тугой і безвыходнасцю.
     Там, дзе гэты боль запаланяе пачуцці, нараджаюцца дужыя, моцныя, палемічна-пафасныя радкі, поўныя вялікай чалавечай годнасці.
     Са спачуваннем і сумам чытаем водпаведзь у абарону ўласнай асабовасці, творчай незалежнасці і чалавечай годнасці ў вершах, у падтэксце (ды і не толькі ў падтэксце) якіх адкрываецца трагедыя творчай інтэлігенцыі, лёс «згубленага» пакалення, боль і сорам эпохі: «Я ўмею плаваць, як кожная з рыб, Я ўмею лятаць, не падаць на коўзкім. I, як другія мае сябры, Не хачу, не буду поўзаць».
     Адстойваючы права на існаванне інтымнай лірыкі («Пішыце добра пра ўсё, што хочаце, і пра каханне — можна!»), М. Лужанін патрабуе рэалізацыі ў мастацкіх вобразах сапраўдных пачуццяў: «Цалаваць трэба раз, але палка, каб закіпела ў рацэ вада». Невыпадкова ў вершы «Справы, што вымагаюць разліку» (пазней ён названы «Прыйшло да мяне...») паэт спрабуе, і не без поспеху, «уціснуць» далікатны стан душы ў рамкі свабодных рытмаў: «Калоціцца сэрца акраец: Такая... Такая... ТАКАЯ... — Такая лухта называецца — каханне!» Лексічныя паўторы, паўзы, знарок зніжаная эмацыянальная афарбоўка з цяжкасцю падабранай дэфініцыі дапамагаюць перадаць адпаведны душэўны стан лірычнага героя, выяўляючы пры гэтым іранічнае стаўленне, нязгоду паэта з поглядамі тагачаснай крытыкі, якая пазбаўляла інтымную лірыку Права на існаванне.
     Пазнейшы варыянт значна адрозніваецца: «Калоціцца сэрца акраец: Чаканні, Спатканні, Расстанні... Такая бяда называецца: Каханне».
     Вершы пра каханне М. Лужаніна, сабраныя ў нізках «Два галасы пад выраем» (1933—1940) і «Птушка юнацтва» (у кнізе «Прага крыла»), сталі значным набыткам беларускай паэзіі.
     Вучоба ў У. Маякоўскага была сапраўды плённай у сэнсе ўдасканалення версіфікатарскага майстэрства. Вынікам выкарыстання дольніка і настойлівага звароту да раскаваных рытмаў з'яўляецца адчувальна большая ў параўнанні з ранейшымі творамі свабода мыслення, дасканаласць вершаванага радка і дысцыплінаванасць думкі. Паэт як бы выпрамляецца, пазбаўляючыся ад вучнёўскай няўпэўненасці, неакрэсленасці пачуццяў («Вясновы сігнал»):
     
     Ніводнага слова днямі залістанага,
     Сплямленага позаю, а не тугой.
     Ніводнага радка — напісанага —
     Створаныя ўсе да аднаго!
     
     Адным з асноўных эстэтычных прынцыпаў М. Лужаніна становіцца патрабаванне поўнай самааддачы, самаахвярнага служэння Музе, што пацвярджаецца рэфрэнам верша «Дваццаць чатыры гадзіны»: «Сэрца паэтава біцца павінна — дваццаць чатыры гадзіны». Гэта думка гучыць і ў іншых творах паэта. У розныя гады ім напісаны «Права на верш» (1954) і «Спяваем лепей або горай...» (1973), дзе паэт прыходзіць да высновы аб прамой, непасрэднай залежнасці поспеху творцы і здольнасці яго да суперажывання. Згодна з такой логікай толькі той твор мае права на «жыццё», у якім людскія турботы і пакуты становяцца турботамі і пакутамі аўтара: «Углыб урасце карэнне — Выбухам не ўзарвеш».
     Роздумам над трагічным лёсам творцы, дэтэрмінаваным аб'ектыўнымі прычынамі, у першую чаргу сацыяльна-палітычнымі абставінамі, грамадскімі катаклізмамі, вызначаецца змест лірычнага перажывання ў вершы «Спяваем лепей або горай...»:
     
     Спяваем лепей або горай —
     Адным хвала, другім дакор,
     А колькі песень села ў горле.
     Не вырваўшыся на прастор.
     Пачадзеўшыя ў курных хатах,
     Паглухшыя па казематах,
     Пастаўленыя да сцяны,
     Пазасыпаныя ў акопах.
     Замёрзшыя на горных тропах,
     Не заспяваліся яны.

  «З яго вершаў пра натхненне і творчасць, — зазначаў В. Бечык, — можна было б скласці, бадай, цэлую кнігу. I якая змястоўная, моцная, трывалая атрымалася б кніга!» Так, у ёй бы сапраўды многае было прадвызначана ўласным вопытам творцы, яго шматграннымі сувязямі з касмічнай прасторай, і, вядома, меў бы месца адбітак сацыяльных катаклізмаў і духоўна-псіхалагічных стрэсаў, якіх нямала выпала на долю не толькі грамадства, але і самога паэта, якога не песціў лёс. Як і многія беларускія пісьменнікі, М. Лужанін стаў ахвярай масавых рэпрэсій. У сувязі з гэтым у 30-я г. творчая актыўнасць значна знізілася, а ў нямногіх тагачасных вершах можна знайсці ледзь улоўныя, цьмяныя намёкі на высылку ў Сібір. Сведчаннем таму з'яўляюцца вершы «Кучаравыя хвоі гаманілі...» і «Хаджу бяздомкам...»: «Жнівень браўся на дужасць, адолеўшы сорам Невялічкай, пустой чалавечай маны», «Бабулькі нас частуюць хлебам і трохі скораму даюць». У вершы «Мароз падпальвае...» побач ставяцца дзве лексемы з рознай эмацыянальнай афарбоўкай — туга і тайга, якія ў пэўнай меры нагадваюць пра трагічную рэальнасць, даюць уяўленне пра адпаведны настрой і мары вязня: «Маўчыць тайга, туга маўчыць, і сніцца Тузе й тайзе: вясёлак ліхтары Запальвае вясна лістотаю і гліцай».
     Суб'ект лірычнага самавыяўлення, ці, па звыкламу, лірычны герой у паэзіі М. Лужаніна — постаць аўтабіяграфічная, двайнік аўтара. У ранняй лірыцы — гэта вясковы юнак са Случчыны, які жыве клопатам і турботамі сваіх аднасяльчан. Ён і ў горадзе застаецца вяскоўцам, з чуйнай, уражлівай душой, неабыякавай да навакольнага свету.
     На вачах паэта, як і яго мастацкага двайніка, адбываліся магутныя зрухі ў грамадскай свядомасці,. рушыліся шматвяковыя ўстоі сямейнай маралі і звыклы ўклад сялянскага побыту. М. Лужанін як упаўнаважаны прымаў удзел у арганізацыі калгасаў у Юравіцкім і Тураўскім раёнах і бачыў, як, насуперак жаданням сялян, іх прымусова заганялі у калгасы, але гэта не выклікае не толькі пратэсту, а нават сумненняў у правільнасці курса на суцэльную і паскораную калектывізацыю. Занадта моцнай была вера ў неабходнасць рэвалюцыйнай перабудовы грамадства. Наадварот, імкнучыся дагадзіць патрабаванням вульгарызатарскай крытыкі, малады паэт, як і большасць прадстаўнікоў «згубленага» пакалення, без сумнення прымае тэзіс аб класавай барацьбе і, апантана выкрываючы адрынуты клас «кулацтва», з захапленнем услаўляе індустрыялізацыю на калгасных палях («Галасуе вясна за вясну»):
     
     Уздымаюцца вейкі зямлі,
     парны водар павеяў з далін.
     Заклікас на поле конь
     змену трактаравых калон.
     I ў фабрычных зубах абцугоў
     ажывае сталёвы госць.
     Паварочвай чыгунны бок
     у прасторах былой журбы.
     
     Параўнаем пазнейшы варыянт, дзе два першыя радкі пакінуты без змены, астатнія ж чытаюцца інакш:
     
     I пачула здалёк аблонь
     Поступ трактаравых калон.
     Паварочвай, чыгунны бык,
     У прасторы былой журбы,
     На рагі плугоў узвярні
     Спаконвечныя дзірваны!
     
     Пазнейшыя дапрацоўкі М. Лужаніна — узор няспыннага ўдасканалення мовы, рыфмы, вобразных канструкцый, але ў шэрагу выпадкаў яны не ў стане колькі-небудзь істотна паўплываць на паглыбленне і палепшанне праблемнай і эстэтычнай вартасці твораў.
     Вершы, у якіх услаўляюцца «поступ трактаравых калон», ідэі рэвалюцыі, сацыялістычнага будаўніцтва, дзе гучыць заклік да барацьбы з ворагамі, засталіся не больш як фактам гісторыі і сёння не ўяўляюць вялікай мастацкай каштоўнасці («Дужасць», «Дзень гневу», «За бальшавіцкую прыборку», «Рамонт», «Трактар», «Кастрычнік», «Маёвае», «Слівень паказвае рогі»). Аднадзёнкай засталася і паэма «Неаплочаны рахунак», прысвечаная памяці 14 «барацьбітоў за справу працоўных, расстраляных белапалякамі» (надпіс на помніку) у Слуцку ў 1920 г. Гімнам рэвалюцыйнаму змаганню прагучала таксама і паэма «Галасы гарадоў», дзе аўтар спрабуе даказаць перавагу сацыялістычнага ладу перад капіталістычным, супрацьстаўляючы грандыёзнасць планаў індустрыялізацыі і калектывізацыі замежнаму свету жабрацтва, разбэшчанасці, хлусні. З-за адсутнасці адзінага кампазіцыйнага стрыжня паэма распадаецца на асобныя часткі, хоць некаторыя з іх напісаны дасціпна, жыва і па-майстэрску, даносячы атмасферу часу (медытацыі, у якіх адбіліся бальшавіцкія мары пра тое, як, пераўтвараючы прыроду, прымусіць зямлю круглы год даваць ураджай, размова з сонцам — прамое запазычанне ў У. Маякоўскага).
     Публіцыстычная плынь у лепшых варыянтах твораў М. Лужаніна засведчыла яго дасканалае валоданне тэхнікай вершаскладання. Многія выслоўі прамаўляюцца афарыстычна, ёміста: «Мне не трэба зацішку прыстань У мае дваццаць два гады», «Верш мой выйдзе на барыкады I са мною, і без мяне». Радкі з паэмы «Неаплочаны рахунак» («Мне дадзена грымець Гарматаю і песняй» можна паставіць эпіграфам да паэзіі 30-х гадоў і не толькі М. Лужаніна.
     Такім чынам, у яго даваенных вершах і паэмах акрэсліваюцца стылявыя лініі, якія прасочваюцца і ў пазнейшых творах. Лірычнае самавыяўленне і эпічнасць спалучаюцца з адкрытым і непасрэдным публіцыстычным прамаўленнем. Найбольшы поспех спадарожнічае паэту там, дзе асабістае ўбірае ў сябе агульначалавечае, а маршы ўдарных брыгад, ружова-аптымістычныя рапарты і заклікальныя лозунгі не заглушаюць песню як жывы і шчыры голас душы. Гэта вершы, у якіх адчуваецца моцная народная аснова. Так, лірычны малюнак верша «Беляць палотны» (1929) грунтуецца на аснове паняццяў народнай этыкі і ўсталяваных звычаяў спрадвечнага побыту: «Яркі вясновы дзень. Слаўна, пагодна! Сонца плыве па вадзе — беляць палотны...».
     Уменне з асаблівай выразнасцю ўзнавіць шматгранныя стасункі жыцця, перадаць зменлівасць уражанняў, рух, дзеянне, дынаміку, стварыць пластычнасць вобразных малюнкаў, багацце зрокава-асязальных і слыхавых асацыяцый сведчыць пра сталасць паэтавага майстэрства і не толькі лірычную запраграмаванасць, але і яго эпічнае, аб'ектывізаванае бачанне свету:
     
     Жахне ў вочы кур'ерскі,
     гарачы, як чутка,
     I раскроіць зялёным хвастом краявід,
     Бліскавіцаю шкла
     прамільгне заклапочаны хуткі,
     Пратуркоча паштовы.
     Прасыпле вясёлы транзіт.
     
     «Максім Лужанін, як ужо гаварылася, эпічны, аб'ектывізаваны ў сваёй лірыцьц — зазначае У. Гніламёдаў. — Часцей за ўсё пераважае «аб'ектыўны» сюжэт, персанажы, рэчы. Яго паэзія — у большай ступені паэзія апісання, чым выказвання. Нават у тых выпадках, калі паэт публіцыстычны. Але, тым не менш, яго паэзія не перастае быць лірыкай, у ёй пульсуе душэўнае жыццё аўтара, асабістыя перажыванні творцы». Праўда, сам паэт схільны лічыць сябе лірыкам, што пацвярджаецца яго ўласным прызнаннем: «Па натуры я лірык зацяты, страшны вораг салодкай вады» («Салдацкі штодзённік»). Строфы з гэтай паэмы і вершы, напісаныя на франтавых дарогах, складаюць змест першай пасляваеннай кнігі «Шырокае поле вайны», а таксама нізак «Вайсковыя сшыткі» і «Лісткі блакнотаў франтавых» (у кнігах «Прасторы» і «Галасы пад выраем»). Лепшыя з твораў, якія сведчаць пра глыбокую эмацыйную ўзрушанасць аўтара, непасрэднага ўдзельніка і сведкі ваенных падзей, сталі важкім набыткам беларускай франтавой лірыкі («Пачатак», «На перадавой», «Франтавік», «Шынель», «На фронт», «Ліпень», «Спатканне з Мінскам», «Драч», «Васілёк»).
     У своеасаблівым лірычна-драматычным летапісе франтавых падзей, «салдацкім штодзённіку», адлік часу і вымярэнне прасторы вядуцца згодна з паняццямі ваеннага раскладу і календара прыроды: «Мы прыйшлі на спачын, як бруснічнік дацвіў, а пайшлі, не спытаўшы брусніц». Нязмушана, без лішніх эмоцый пачынаецца суровая проза салдацкіх будняў: «Нас праводзілі сціпла, без маршаў і слёз, прагукаў ды пайшоў паравік і на пятыя суткі ён проста прывёз нас на поле агню і крыві». Праз жыццёвы вопыт лірычнага героя, случчаніна, чыю маладосць і юнацкія мары перакрэсліла вайна, разгортваецца біяграфія франтавога пакалення, якому наканавана было змагацца, паміраць і выжыць: «Мы ў белых шпіталях з гарачкай ляжалі, мінуўшы паходы, прайшоўшы баі, і дзесьці далёка жанчыны пыталі у іншых салдатаў пра блізкіх сваіх». Нязменным атрыбутам салдацкага побыту з'яўляецца шынель, пра які гаворыцца, як пра жывую істоту, вернага сябра, блізкага чалавека, вехі біяграфіі якога вызначаюцца ходам гістарычных падзей: «Ён у снежні са мною да Волгі дайшоў, а у ліпені плыў праз Дзвіну». Як відаць, паэт шырока выкарыстоўвае метанімію, надзяляючы неадушаўлёныя прадметы і з'явы прыроды рысамі жывых істотаў. Так у адным з найбольш удалых батальных эпізодаў з дапамогай гэтага мастацкага тропу перадаецца душэўны стан наступаючых абаронцаў роднай зямлі, якія адчулі пад нагамі яе цяпло, удыхнулі ў парахавым дыме «пах лугавое канюшыны»:
     
     Яшчэ тапталіся вятры,
     пасты мяняючы ў тумане,
     як раптам рынуўся ў прарыў
     гнеў трохгадовага чакання.
     
     Дынаміка наступлення, імклівасць разгортвання падзей, перададзеныя ў адпаведным рытме верша, дазваляюць адчуць грозную сілу загартаванай у баях арміі, з'яднанай у адзіным парыве помсты за знявечаныя гарады і вёскі, непадобнай да той, якой была яна пры адступленні на ўсход. Тады «Салдаты так павольна йшлі I цяжка так маўчалі, Нібы падэшвы да зямлі Ад гора прыкіпалі». Такім, поўным адчаю, бачыўся пачатак вайны аўтару паэмы «Кладкі Градоўскага» (1949), якая стала фактам літаратурнага адлюстравання партызанскай барацьбы і пасляваеннага аднаўлення жыцця. У свой час паэма была ўхвалена Якубам Коласам, якому асабліва імпанавала прыгажосць мовы, «прастата, натуральнасць, народнасць, сціпласць сказаў». Сёння яна не ўслрымаецца як значная мастацкая з'ява, бо ў ёй няма глыбокага канфлікту і выразна акрэсленых індывідуальных характараў, эпізоды партызанскай барацьбы падаюцца досыць спрошчана, аднабакова. Надуманасцю канфліктных сітуацый, уяўна пафасным услаўленнем працоўнага энтузіязму пазначана і паэма «Шумігайцы» (1953—1959).

Чым мацнейшы ў мастацкіх адносінах твор, тым больш пераканальна выяўляюцца ў ім звычайна антываенная скіраванасць і гуманістычныя ідэалы, што пацвярджаецца лепшымі творамі М. Лужаніна, у прыватнасці, яго вершам «Пачатак». Гэты твор — скандэнсаваны вынік духоўнага азарэння, стрэсу, эмацыйнай узрушанасці і разам з тым эпічнага абсягу мыслення. Экспазіцыя адкрываецца жывапісным лірычным малюнкам, поўным суладдзя настрою чалавека і прыроды: «Стаміўшы голле духатою, Ліпнёвы дзень, як звон, стаяў: Жыта па плечы, травы ў пояс, Лісты па сажню выганяў». Нечакана ў гарманічную ўпарадкаванасць сусвету дысанансам урываюцца чужародныя гукі, якія не могуць не насцярожыць: «Я ў бор пайшоў і доўга слухаў: Як працавіты дрывасек, Гром уздыхаў і грукаў глуха На скрыжаванні шумных рэк». Такая завязка драматычнага сюжэту. Паступова павялічваецца эмацыйная напружанасць, узрастае трывога. Людзі, выгнаныя з наседжаных гнёздаў, пацягнуліся ў бежанства па бясконцых дарогах вайны. Парушэнне гармоніі ў прыродзе і грамадскім жыцці выклікае пратэст: «Пайшлі, не знаючы спачынку, Бездапаможныя слядкі Мае разутае дзяўчынкі, Мае маленькае дачкі». Зыходзячы з прынцыпаў антрапамарфізму, паэт абагаўляе прыроду, бачыць яе незвычайны духоўнапсіхалагічны стан, адушаўлёнасць, надзяляе рысамі, уласцівымі людзям. Перад пагрозай небяспекі лясы і рэкі ў сваіх паводзінах «салідарызуюцца» з законнымі гаспадарамі роднай зямлі, якія на пэўны час пад націскам чужароднай сілы, што нясе зло, вымушаны адступіць, пакінуць гэты край. Прырода паўтарае дзеянні людзей:
     
     Каржакаватымі нагамі,
     Карэнне вырваўшы з зямлі,
     Лясы пайшлі услед за намі,
     I ўслед нам рэкі паплылі.
     
     Метафарычнасць мыслення адкрывае магчымасці шырэй і паўней спасцігнуць глабальнасць стрэсавых сітуацый, трагедыйнасць надыходзячай катастрофы як усеагульнай бяды.
     Асабліва моцнае адчуванне жахлівых маштабаў разбуральнага працэсу ўжо на самым пачатку вайны выяўлена ў невялікай, але вельмі ёмістай і эмацыянальна насычанай паэме «На дарогах Купалы», дзе за асабістым лёсам паэта і яго блізкіх бачыцца агульная трагедыя беларускага народа, уцягнутага ў велізарную бойню XX стагоддзя. «Скрычаліся, просячы рады, гудкі, I зарыва мкне, абганяючы думкі...» — так пачынаецца для народнага песняра Беларусі развітанне з родным домам і вымушаная вандроўка па шляхах выгнання. Сімвалам скалечанай роднай зямлі на гэты раз становяцца званочкі, безабаронныя перад разбуральнай сілай зла, як і людзі:
     
     Звоняць званочкі...
     Яны пад бамбёжкай
     Беглі, кульгалі на збітыя ножкі,
     Следам за ім, за патокай машын.
     Сінія...
     Выбеглі на курганы...
     Вочы зямлі...
     Пазірае, сырая!
     Вочы дзядоў яго праз дзірваны,
     Сінім зацвіўшы, маўчком дакараюць.
     
     У цяжкія, скрутныя часіны даволі часта парушаюцца ўсталяваныя сувязі мікраі макрасвету, узмацняецца своеасаблівае адчуванне «паганскага» яднання з прыродай. У эстэтычным малюнку мастакоў асабліва акрэсленымі становяцца тады праявы антрапамарфізму, пантэістычныя ўяўленні. Прырода ў творах М. Лужаніна «ажывае», абагаўляецца, дапамагаючы раскрыццю духоўнага свету чалавека, асобы.
     Прырода і грамадства — гэта тая экалагічная і сацыяльнапсіхалагічная прастора, дзе закладваюцца асновы нацыянальнай свядомасці, духоўнай сутнасці асобы, яе грамадзянскасці, фарміруецца паняцце Радзімы. У лірыцы М. Лужаніна часцей за ўсё выкарыстоўваецца традыцыйны, рамантычна-абагулены вобраз маці-Радзімы. Яна ў цяжкі час схіляецца над параненым або знясіленым у баі салдатам («Салдацкі штодзённік», «Зварот маладосці»). Рысы жывога чалавека спалучаюцца з вобразнай абстракцыяй, бытавыя рэаліі набываюць філасофскі падтэкст, маштабнасць: «Без тваіх, маці, жніўных песень Свет шырокі зрабіўся б цесен. Без твае скупой прыгажосці Я ў жыцці пратаптаўся б госцем». Прыцягненне роднай зямлі інстынктыўна адчуваюць не толькі людзі, але і жывёлы, птушкі. Конь, «малады стрыгунок», на франтавой паласе шукае паратунку ў савецкіх салдат, бо за ім ад нямецкіх пастоў «пёр вялізны граміла» («Салдацкі штодзённік»). Прыцягальнай сілай роднага гняздоўя вызначаюцца паводзіны маленькай птушкі драча. Як і людзі з нямецкага палону, яна з Германіі вяртаецца на Радзіму. «Прамінае Еўропу за ноч пехатой, Прыбягае да нас і на родным узмежку Задзярэ галаву і забудзецца ў смешнай, Аднастайнай, прарэзлівай песні сваёй». Сімвалам тугі па Радзіме, увасабленнем эстэтычнага бачання Беларусі з'яўляецца «цвяток радзімы васілька»: «Цябе я з жыта вырываў, А з сэрца выпалаць не ўмею».
     У паняцце Радзімы, як відаць, укладваецца не толькі грамадзянска-патрыятычны, але і духоўны, эстэтычны сэнс, з ёю звязаны нацыянальныя карані:
     
     Мы пабачылі снету і шырай, і далей,
     Але помніцца сэрцу пачатак хады:
     Тут нас маці раджалі, тут мы вырасталі.
     Тут мы самыя лепшыя песні складалі,
     Тут паплачуць сябры, несучы на клады.
     
     «Ego» М. Лужаніна часцей за ўсё калектывісцкае, яно зліваецца з многамільённым «мы». Ён прамаўляе ад імя франтавога пакалення або беларускага народа: «Нас не вырве ніхто з карэннем, Бо з твайго мы, маці, насення! Ад твае ураджайнай глебы, Ад твайго духмянага хлеба, Ад твайго купальскага свята, Ад лясоў, зверыной багатых». Нават дэкларацыі і патэтыка ў вершах сагрэты натхненнем, пазначаны ўнутраным выпраменьваннем святла:
     
     Як ні стаўлялі мой народ
     На босае карэнне,
     Як ні араў мяне нарог
     Нялюдскага знішчэння —
     Я аджываў, як назнарок,
     У новым пакаленні.
     
     Гэта радкі аднаго з лепшых лужанінскіх вершаў «Сон» (1972), у якім, каб падкрэсліць трываласць народа і дыялектычную непарыўнасць у ланцугу людскіх пакаленняў, аўтар звяртаецца да ўмоўнага прыёму. Сон якраз і ёсць тая ўмоўнасць, якая дапамагае з найбольшай выразнасцю рэалізаваць мастацкую ідэю. Як і ў вершы «Пачатак», дынаміка развіцця сюжэту грунтуецца тут на паралелізме адэкватнасці гістарычнага лёсу народу і прыроды. Дрэвы, што ў сне талакою ідуць за лірычным героем (двайнік аўтара), «павінны свет будзіць, Жывіць красу ў народзе, Яны ж не людзі, каб хадзіць Па бітым шкле стагоддзі». Паэт у каторы раз сцвярджае пацыфісцкую ідэю несумяшчальнасці грамадскіх катаклізмаў і гарманічнай зладжанасці ў прыродзе. Пафас гэтага верша скіраваны да нацыянальнага адраджэння, таму і сёння ён адгукаецца сваёй надзённасцю.
     Пропаведзь пацыфізму ў ваеннай лірыцы не выключае, аднак, апраўдання крыві ў імя абароны Радзімы. М. Лужанін, як і многія іншыя прадстаўнікі ваеннага пакалення, не сумняваецца ў рацыянальнай неабходнасці агню і крыві («Франтавік»): «Так. Без гэтай крыві не падымецца рунь і карова не дасць малака». Над сродкамі дасягнення пастаўленай мэты не задумваліся ў той час многія, прывучаныя выконваць чужую волю, загады вышэйшых інстанцый і пэўных асоб. Натуральным прынцыпам маралі і этыкі лічылася самаахвярнасць. Танкіст (аднайменны верш) М. Лужаніна, як і «герой» вядомага верша П. Панчанкі, перамагае (у няроўным баі падбіў «пяць самых лепшых ворагавых танкаў»). Але ці не занадта высокая плата за перамогу — уласнае жыццё? Ці выклікае душэўную раўнавагу, стан самазаспакоенасці такая перамога?
     На мяжы жыцця і смерці танкіст сабраў апошнія сілы, каб па статуту далажыЦь высокаму армейскаму чыну пра выкананае заданне. Ён памірае прасветлены, з усведамленнем спраўджанай надзеі і юнацкай мары. Хто ў юнацтве не марыць пра здзяйсненне подзвігаў?! Мара збылася: «Найвысшы ордэн маршал прышпіліў яму да пашматанай гімнасцёркі».
     А. Шапэнгаўэр калісьці зазначаў: «Ордэны — гэта векселі, выдадзеныя на грамадскую думку». Але ці можа грамадская думка хоць у нейкай меры кампенсаваць страту бацькі асірацелым дзецям і сына — адзінокай матулі? Трагедыйнасць сітуацыі, на жаль, застаецца тут дзесьці за гарызонтам. У паэзіі М. Лужаніна, як і ў пераважнай большасці твораў пра вайну літаратуры сацыялістычнага рэалізму, рэальнасць павернута сваімі гераічнымі бакамі. Праўда, у некаторых эпізодах батальнай лірыкі паэт набліжаецца да трагічнага разумення сутнасці крывавай бойні і яе разбуральных наступстваў («Спатканне з Мінскам»): «I дзе наш вораг ні ступіў — там пыл і кроў... Там кроў і пыл... Ні тых дамоў, ні тых сяброў, ні тых прысад, ні тых дзяўчат».
     Не менш трагічнай выглядае сустрэча з горадам маладосці, над якім прагрымела вайна, у ліра-эпічнай паэме «Зварот маладосці» (1944—1957): «Ты без шыб і без вокан, Як волат бязвокі, Я — ў засохлай крыві I амаль што сівы». Такім родны горад уяўляўся ля сцен Сталінграда, але рэальнасць была яшчэ больш непрадказальнай. Як рэквіем, гучаць жалобныя словы: «Асцярожна ступай па сухім папялішчы, Бо пад ім друг твой — дом і твой друг — чалавек».
     У сціслай драматычна-напружанай замалёўцы «Маці» М. Лужаніна адкрываецца шырокі прастор для роздуму, глыбокі падтэкст, багацце асацыяцый — невымернае мацярынскае гора, няспраўджанае спадзяванне і не страчаная канчаткова падсвядомая вера ў шчаслівы зварот блізкіх людзей:
     
     Запытаецца ў суседкі:
     — Ці здаровы вашы дзеткі?
     А пасля пры студні стане,
     З-пад рукі за вёску гляне.
     Толькі ведае, нябога,
     Што не ёй пыліць дарога.

  У апошняе дзесяцігоддзе стаўленне да тэмы вайны далёка не аднолькавае. Так, герой аповесці А. Федарэнкі «Такое кароткае лета», пісьменнік (ці не мастацкі двайнік М. Лужаніна?!) аспрэчвае нігілістычныя адносіны маладых да названай тэмы, апраўдваючы неабходнасць яе мастацкай рэалізацыі. «Ужо за эксплуатацыю гэтай тэмы, — разважае ён, — нават за самыя слабыя творы, ніяк нельга вінаваціць. Як ні напішы, сам пафас твора будзе гуманістычны: вайна — трагедыя, зло, чалавек перастае належаць сам сабе, ставіцца ў бязлітасныя ўмовы выбару, што супярэчыць яго прыродзе». Безумоўна, слабы ў мастацкіх адносінах твор нават і пра вайну наўрад ці будзе запатрабаваным, а вось неабходнасць паглыблення духоўна-псіхалагічнага аналізу ўяўляецца вельмі слушнай.
     I ўсё ж асноўная ў паэзіі і прозе М. Лужаніна — канцэпцыя гістарычнага аптымізму, якая акрэсліваецца на працягу ўсёй творчасці, пачынаючы з ранніх вершаў. Асабліва выразна выяўляецца яна ў творах 40—50-х гадоў, у кнігах паэзіі «Поступ» (1950), «Святло Радзімы» (1952), «Моваю сэрца» (1955), «Прасторы» (1958), змест якіх, можа, найбольш пазначаны супярэчнасцямі часу. Для іх характэрны, з аднаго боку, услаўленне культу асобы, запраграмаванае казённае мысленне, зададзеная ідэалізацыя рэчаіснасці, з другога ж боку, жывыя іскры натхнення, таленту, гумар, дасціпная ўсмешка, народная мудрасць. Як ні дзіўна, але ў зборніку «Шырокае поле вайны» постаць «чалавека з Крамля» паяўляецца толькі ў апошніх строфах «Салдацкага штодзённіка». Кніга «Поступ» больш заідэалагізаваная, аб чым сведчаць назвы твораў: «Камуністы, сыны камуністаў», «Савецкаму народу», «У дзень канстытуцыі», «Галасуючы за Сталіна», «У Грэцыі», «Рай дзядзі Сэма». Амаль усе вершы з гэтых дзвюх кніг і нават паэма «Кладкі Градоўскага» ўключаны ў зборнік «Святло Радзімы». Ёсць паўторы, а таксама вершы на патрэбу дня і ў кнігах «Моваю сэрца» і «Прасторы», дзе ўслаўляюцца «дарагія рысы» (аднайменны верш) «вялікага будаўніка», «жывыя рысы Ільіча» (аднайменны верш, «Хадок», «Над Волгай»), партыя і рэвалюцыя («Партыі», «У кастрычніку»). Аднак не палітычнымі дэкларацыямі і афіцыёзнай скіраванасцю вымяраюцца эстэтычныя вартасці гэтых кніг. Іх лепшыя старонкі складаюць творы, у якіх адчуваецца душа народа і паэта, сувязь з фальклорам («Права на верш», «Ведрыца»). На аснове народнага падання выкладзена цікавая версія адносна этымалагічных каранёў назвы беларускай ракі Ведрыцы. Не страцілі і сёння свайго першаснага ўспрымання некаторыя з дарожных замалёвак «На новых прасторах», якія даюць уяўленне пра жыццё і побыт палешукоў («Каля прыстані», «Плывучы рынак»). Асаблівай дасціпнасцю вызначаецца «Казачны варыянт утварэння палескіх рэк», у аснову якога пакладзена паданне пра паходжанне Морачы і Стахода. Пазней замалёўкі «На новых прасторах» уключаны ў склад паэмы «Як нараджаўся новы свет».
     Пасляваенная паэзія М. Лужаніна, якая развівалася ў агульным рэчышчы савецкай літаратуры, вылучаецца светлымі, радаснымі фарбамі, мудрай разважлівасцю, маладой гарэзлівасцю, песеннымі інтанацыямі («Гусі-лебедзі», «Як за рэчкаю», «Я хацеў»):
     
     Я хацеў на вячоркі прыйсці і сказаць,
     Што не варта дзяўчатам так позна спяваць,
     Што не трэба хлапцам каля вокан хадзіць
     I гармонікам змоўклыя хаты будзіць.
     Я пайшоў, ды музык не спыніў, бо даўней
     I гуляў я пазней, і спяваў галасней.
     А дагэтуль не змог, як не змогуць яны,
     Расказаць аб усім, што пачуў ад вясны.
     Ты, завея, мне скроні занось ні занось —
     Усё роўна віруе мая маладосць.
     
     Перагортваючы старонкі франтавых блакнотаў, паэт па-новаму пераасэнсоўвае перажытае, узважвае набыткі і падыходы да творчай працы («Роздум», «Радкі мае...»):
     
     Не ўключаныя ў аднатомнікі
     З аправай вокладак цяжкі.х,
     Я вас люблю, радкі-бяздомнікі,
     Вы ўсё на сцежках бараных.
     
     Пачынаючы з другой палавіны 50-х г., а дакладней, з кнігі «Прасторы», прыкметна сталее творчая думка, рассоўваюцца прасторавыя далягляды, узрастае асацыятыўнасць мыслення, падвышаецца шкала паэтавага майстэрства, пазначанага паглыбленасцю ў духоўны свет асобы, лірызмам, эпічнасцю мастакоўскага ўспрымання рэчаіснасці. Сведчаннем майстэрства ў стварэнні пейзажных замалёвак з'яўляюцца нізкі вершаў «На землях чэхаславацкіх» і «Няблізкая вандроўка», звязаныя з уражаннямі ад паездак за мяжу. Яны вылучаюцца дакладнасцю зрокавых і слыхавых асацыяцый, трапнасцю назіранняў («Ручай», «Вадаспад», «Акіян», «Рыбны рынак у Нью-Йорку»): «З далёкай стромае вяршыні Звісаў, як нітка, ручаёк», «Той шум нізрынуўся імгненна, Як быццам, перакрыўшы стаў, Каменны кош млынар каменны Каменным зернем засыпаў», «Глядзеў услед мне акіян I дыхаў жоўтай пашчай». Аднак у вершах, прысвечаных Чэхаславакіі і Амерыцы (у 1968 г. М. Лужанін як дэлегат прымаў удзел у рабоце чарговай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН), выявілася стэрэатыпнае, ідэалагічна запраграмаванае, кантрастнае ўспрыманне сацыялістычнай і капіталістычнай дзяржаў. Калі ў адносінах да першай скрозь выяўляюцца сімпатыі, пераважаюць светлыя колеры, то Амерыка выглядае вельмі няўтульнай, чужой краінай, «Дзе над усім — змарнелы твар Краіны беднай, без усмешкі». Прадузятае стаўленне да капіталістычнага «раю», згушчэнне фарбаў характэрна не толькі для верша «Краіна без усмешкі», але і для іншых, а таксама для публіцыстычнага эсэ «Рэпартаж з рубцом на сэрцы» (1968, 1971), напісанага на аснове біяграфічнага факта, калі аўтар знаходзіўся ў амерыканскай бальніцы, дзе яму была зроблена аперацыя на сэрцы.
     Найбольш плённымі для паэтычнага натхнення М. Лужаніна сталі 70—80-я гады, калі выходзяць кніга за кнігай: «Росы на коласе» (1973), «Прага крыла» (1974), паэма «Як нараджаўся новы свет» (1975), «Лявоніха» (1977), «Галасы пад выраем» (1980), «Паразмаўляй са мной, зямля» (1983), «Вярнуся ветрам» (1987). Многія вершы створаны ў хвіліны сапраўднага духоўна-інтэлектуальнага азарэння. Лепшыя з іх — медытацыя, сплаў асабовага і агульначалавечага, сучаснасці і гісторыі. Ад паўсядзённага клопату, якім жыве Радзіма, думка паэта сягае да касмічных прастораў. Гэта паэзія высокага творчага напружання, пазначаная прагай першаадкрыцця: «Гэта першая кніга, якую складаў, Быццам зроду ніколі пяра не трымаў, Ні трывог, Ні расстайных дарог Не было, Нібы ў вочы снягамі Жыццё не мяло». У гэтым жа вершы падкрэсліваецца цэласнасць згарманізаванага мастакоўскага светабачання: «Цалкам свет — не хачу па драбку, па крысе, Цалкам свет і з бусламі на кожнай страсе».
     Лёс Радзімы, роднай мовы хвалюе паэта, як і кожнага сапраўднага беларуса. Гэта надзённыя праблемы яго творчасці («Роднае слова», «Дарога песні»):
     
     Пушчай ідзеш ці пусткаю,
     Дома, ў чужой зямлі.
     Песня. будзь беларускаю
     I пад вясельнай хусткаю,
     I ў баявым шынялі.
     
     З гадамі ўсё часцей задумваючыся над набліжэннем апошняй жыццёвай мяжы, М. Лужанін разважліва, нават з гумарам ставіцца да свайго паважанага ўзросту («Радкі з бальніцы» ў кнізе «Паразмаўляй са мной, зямля»). Невыпадкова яго запаветам з'яўляецца просьба не плакаць пры апошнім развітанні («Век у хадзе»): «Ну, а калі панясуць за парог, вельмі прашу, каб не сумна праводзілі. Вось хіба з гэтаю: «Во-ох ці мне во-ох!»
     Песня з'яўляецца адным з яго любімых жанраў. Песенныя інтанацыі чуюцца ў творах розных гадоў. «Песні» — пад такой рубрыкай змешчана нізка вершаў у кнізе «Прасторы». Асаблівую прыхільнасць М. Лужаніна да гэтага жанру пацвярджаюць назвы твораў: «Песня», «Дарога песні», «Жыццё песні», «Маладою песняй». Дарога і песня — духоўныя арыенціры творцы і сведчанне яго актыўнай грамадзянскай пазіцыі: «І ў дарозе даганяе песня новая мяне» («Другу»).
     Яшчэ адна з прыкмет аптымістычнай натуры — пачуццё гумару, жарт, прыхаваная ўсмешка, якія пастаянна прысутнічаюць у творах М. Лужаніна. Так, у вершы «Тры тугі» дасціпна высмейваецца сляпое пакланенне модзе. Розныя жыццёвыя анамаліі, несумяшчальныя з нормамі грамадскай маралі і этыкі, асуджаюцца ў сатырычных нізках «З усмешкаю», «Боты на патэльні», «Слова мае Мікола Драч», у «паэме з усмешкай» «Сілівонавы прыгоды», змешчаных у кнігах «Прасторы», «Лявоніха», «Вярнуся ветрам», «Росы на коласе».
     Разнастайнасць мастацкіх пошукаў дакладна ахарактарызаваў В. Бечык. «Між іншым, вабіць і тое, — зазначаў ён, — як шырока развінаецца паэт (праўда, і не без выдаткаў, не без відавочнага роскіду) у сваім творчым пошуку: уводзіць дыялог, стварае побытавы малюнак, узмацняе слоўную экспрэсію сімволікай, спрабуе паяднаць плакатны жэст з песеннай меладычнасцю, шукае шляхі да ўнутранага псіхалагізму, выпрабоўвае розныя віды ўскладнёнай рыфмоўкі і строфікі, нават звяртаецца да нерыфмаванага верша, фарсіруе нечаканасць, змену ракурсаў». Багацце і экспрэсіўнасць мастацкіх тропаў, дасціпнасць дыялогаў («Падыходжу», «Разам», «Два галасы»), лагічная выверанасць вобразаў і сінтаксічных канструкцый, даходлівасць выкладання думкі сведчаць пра бездакорнае моўнае майстэрства М. Лужаніна. Невыпадкова яго лічаць адным з выдатных мовазнаўцаў. Агульнае прызнанне падмацоўваецца і яго тэарэтычнымі артыкуламі «Пісьменнік і мова» (1950), «Мова ў газеце» (1960—1962), «Магчымасці мовы» (1973, 1976), дзе выкладзены цікавыя патрабаванні да мовы мастацкіх твораў, якая, на думку пісьменніка, павінна быць выразнай, яркай і дакладнай. Узорам літаратурнай мовы для яго з'яўляюцца творы К. Чорнага.
     М. Лужанін шмат працуе ў эпічным жанры, дзе шырока разгортваецца яго канцэпцыя гістарычнага аптымізму, асабліва характэрная для гераічных твораў на тэму вайны, паэм «Лявоніха» і «Матчын дом», у якія шырока ўключаны прыгодніцкія калізіі, казачныя элементы. Тым самым яны нагадваюць паэму «Цымбалы» А. Куляшова. Праўда, большасць эпічных твораў М. Лужаніна застаюцца незавершанымі і не дацягваюць да паэмы.
     Прысутнасцю міфалагізму, займальнасцю сюжэтаў, дасціпнасцю, гумарам, афарыстычнай дакладнасцю асабліва вылучаюцца паэмы М. Лужаніна «Бог ходзіць па зямлі» («Полымя», 1994. № 11) і «Як нараджаўся новы свет», а таксама паэма-казка для дзяцей «Хто робіць пагоду». Многае ў гэтых творах гучыць палемічна, вельмі надзённа, мудра і па-сучаснаму цывілізавана:
     
     Каго, каго? Дагнаць эпоху?
     Калі сышла, дык я лічу,
     Што не да густу я ёй трохі
     Ці сам не гэткае хачу.
     Відаць, паблытаўшы расклады,
     Не ў тыя селі цягнікі
     I, рады мы або не рады,
     Паўзём у розныя бакі.
     Эпоха — віхар па аблоні,
     Не стой насупраць — зваліць з ног.
     Багата хто пісаўся ў коні,
     Алс дагнаць ніхто не мог.

Многія радкі паэмы «Як нараджаўся новы свет», як і іншых твораў, сталі ўзорамі афарыстычнай дакладнасці: «Каб жа труну! Тут постаць веку, Здалося, вынеслі з жыцця», «Калі ў крыві ідэі мыюць, Каб і ў крыві апаласкаць, — Глухія робяцца, нямыя — Без ветру — крылы ветрака», «Дон пад рукі вялі, Як вядуць маладога, Паабапал канала Будаўнікі». На гэты публіцыстычны твор ускладаліся вялікія надзеі. Згодна з задумай аўтара, паэма павінна была стаць паэтычным летапісам XX стагоддзя: «Я ж не раман і не паэму, А толькі летапіс пішу». На жаль, яна не стала значным дасягненнем беларускай літаратуры, застаючыся рупарам ідэй свайго часу, ды вельмі няроўная ў мастацкіх адносінах. З аднаго боку, дасканалая мова, жывы, далёка не бясстрасны водгук на падзеі часу, з другога ж боку, ідэалагічная запраграмаванасць, патэтыка, дэкларацыйнасць. У ёй шмат дасціпных разважанняў, якія пацвярджаюць грамадзянскую актыўнасць аўтара, што ўзваліў на сябе непасільны цяжар, спрабуючы аналітычна ўзважыць поступ часу, станаўленне сацыялістычнай дзяржавы, яднаючы гісторыю і сучаснасць. Асобныя раздзелы, у якіх паэт не застаецца староннім назіральнікам, па-свойму рэагуючы на прадмет гаворкі, і сёння прымушаюць задумацца над многім у жыцці («Матчын лёс», «На хвалі Дзвіны», «Першапаэт, першадрукар», «На прыстані ў Пінску», «Па слядах маленства», «Казачны варыянт утварэння рэк», «Тры абразкі на ваш прысуд»).
     Адной з асноўных у творчасці М. Лужаніна з'яўляецца ідэя нацыянальнага Адраджэння. Падмацаваная экскурсам у гераічную гісторыю Полаччыны і зваротам да асветніцкага мінулага беларускага народа, звязанага з імем Ф. Скарыны, моцна прагучала яна і ў паэме «Як нараджаўся новы свет». Тут маюць свой працяг эстэтычныя погляды паэта («Горкая споведзь»): «Табе, калі душы не маеш, Ні заспяваць, ні заіграць». У паэме высмейваюцца бюракраты, валакітчыкі, прыстасаванцы, паклёпнікі, псеўдавучоныя, увасабленнем якіх з'яўляецца пушкінскі тупагаловы Дундук. Дарэчы, ці не сваё, часам прадузята насцярожанае стаўленне да вучоных ступеняў і званняў М. Лужанін спрабуе прыпісаць і Якубу Коласу ў кнізе «Колас расказвае пра сябе»?
     Складаючы (больш за дваццаць гадоў назад) гімн навуковатэхнічнаму прагрэсу, індустрыяльнаму пераўтварэнню прыроды, М. Лужанін, як і ўсе ці амаль усе ў тыя гады, не дужа задумваецца над вынікамі. У імя сацыялістычнай перабудовы грамадства ён нават гатовы апраўдаць сур'ёзныя выдаткі і пралікі такой перабудовы: «Мы шмат чаго рабілі з болем, Хоць часам з радасцю маглі. Чаго ўздыхаць? Не кожны здолен Патрэбны рух надаць зямлі».
     Мастацкае слова паэта набывае, як правіла, большую вагу там, дзе аптымізм не выключае гуманнасці і ўзважана цвярозага рацыяналізму.
     Аптымізмам, мажорнасцю гучання, гуманнасцю вызначаюцца, напрыклад, празаічныя творы М. Лужаніна, у якіх працягваюцца традыцыі беларускай лірычнай прозы Я. Коласа, К. Чорнага, М. Лынькова, Я. Брыля, I. Навуменкі, Я. Скрыгана. Дынамічны сюжэт, прыгодніцка-дэтэктыўныя перыпетыі, элементы навелы спалучаюцца з рэальнасцю калізій і лірычным самавыяўленнем асобы ў аповесці «Трое», апавяданнях «Дзівадла», «Чырвоная камяніца», дзе аўтар звяртаецца да падзей мінулай вайны. Займальны сюжэт апавядання «Вечная нявеста» скіроўвае ўвагу да эпізодаў рэвалюцыйнай барацьбы. Цяплом, чалавечнасцю, лагоднай усмешкай сагрэта апавяданне «Аршанскія мандарыны».
     Побач з дарослымі ў апавяданнях М. Лужаніна дзейнічаюць дапытлівыя, непадобныя адзін да другога хлопчыкі і дзяўчынкі («Баба-яга», «Наташа», «Злосны сабака», «Бессаромны Трубкін»). Непаўторны дзіцячы свет раскрываецца не толькі праз узаемадачыненні з дарослымі ці сваімі равёснікамі, але і з жывёламі, птушкамі, і наогул маленькія героі добра ўпісаныя ў прыроднае асяроддзе («Дванаццаць вячорных вогнішчаў» — 1968, «Людзі, птушкі, прастор» — 1976). Хатнія і дзікія птушкі і жывёлы дзейнічаюць як разумныя істоты, кожная з якіх мае свой, непадобны да іншага характар (апавяданні «Матчына крыло», «Верабей і кошка», «Удоўчына гняздо», «Адкладзеная аперацыя», «Брэх і Мяў», «Бронька», аповесць «Добры хлопец Дзік»). Паводзіны жывёл і птушак сведчаць пра пільную ўвагу ў адносінах пісьменніка да жывой прыроды і яго назіральнасць. М. Лужанін хораша працягвае традыцыі М. Прышвіна, В. Біянкі.
     Працуючы сакратаром Якуба Коласа, М. Лужанін меў магчымасць з дня ў дзень назапашваць матэрыял для кнігі мемуараў «Колас расказвае пра сябе». Кніга перавыдавалася ў 1982 г., і М. Лужанін на працягу 1967—1972 гг. дапрацоўваў свой твор. З паўсядзённых назіранняў рупна, карпатліва вылепліваецца постаць народнага пісьменніка, які бачыцца буйным планам у розных іпастасях — у працы над новымі творамі і дапрацоўкай тых, якія былі напісаны раней, у сямейных абставінах і паўсядзённым побыце. Мы прысутнічаем пры сустрэчах Якуба Коласа з многімі людзьмі, бачым яго ў бальнічнай палаце. Пашыраючы навукова-інфармацыйныя абсягі коласазнаўства, аўтар наладжвае экскурс у дзяцінства, праводзіць па ўлюбёных мясцінах пісьменніка, распавядае пра яго схільнасці і сімпатыі, патрабавальнасць да сябе і да іншых, стварае ўяўленне пра коласаўскае асяроддзе і духоўна-псіхалагічную атмасферу першага пасляваеннага дзесяцігоддзя. Асабліва цікава, з гумарам напісаныя старонкі пра дзяцінства, сустрэчы з А. Твардоўскім. Нягледзячы на тое, што некаторыя сентэнцыі ў дачыненні да поглядаў Якуба Коласа не пазбаўлены пэўных суб'ектывісцкіх уяўленняў самога аўтара, твор М. Лужаніна стаў важкім укладам у беларускае літаратуразнаўства, а дакладней, у распрацоўку мемуарнага жанру, што, напэўна, можна параўнаць са значнасцю працы I. П. Экермана «Гутаркі з Гётэ ў апошнія гады яго жьшця» (М., 1986).
     Памёр Максім Лужанін 13 кастрычніка 2001г.
     Творчасць М. Лужаніна — гэта эпічны і разам з тым лірычны, мастацка-публіцыстычны летапіс жыцця беларускага народа, разгорнуты на працягу стагоддзя, у якім знайшлі адбітак важныя рэаліі нялёгкага, пакручастага шляху самога пісьменніка, трагічныя стасункі грамадскіх катаклізмаў, што ў многім прадвызначылі духоўна-псіхалагічныя арыенціры ў жыцці беларускага народа. Старонкі вершаў і паэмаў, аповесцяў і апавяданняў 90-х гадоў, пазначаны мудрасцю ўзросту, мужнасцю драматычнага лёсу творцы, яго гуманістычнымі памкненнямі і высокай эстэтычнай культурай. Лепшыя яго творы ўвайшлі ў «залаты» фонд беларускай літаратуры.

 

http://belsoch.org/?pg=biograph&bio=34&pstr=6