Личности->Сапега Леў (4 красавіка 1557 - 7 ліпеня 1633) - палітычны, грамадзкі і ваенны дзеяч ВКЛ, дыплямат і мысьляр.
Леў Сапега (4 красавіка 1557 - 7 ліпеня 1633) - палітычны, грамадзкі і ваенны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, дыплямат і мысьляр.
Леў Сапега паходзіў са старажытнага роду аршанскіх баяр. Нарадзіўся ў радавым маёнтку Астроўна (цяпер Бешанковіцкі раён Віцебскай вобласьці). Малалетнім яго аддалі на выхаваньне ў Нясьвіскі двор Мікалая Радзівіла Чорнага, які потым паслаў 13-гадовага юнака на вучобу ў Ляйпцыґскі ўнівэрсытэт. Пад час навучаньня ў Ляйпцыгу Сапега пераходзiць у кальвiнiзм, аб чым напiсаў потым у сваiм тэстамэнце. На Радзіму юнак вяртаецца каля 1572 году.
У 1575 годзе Андрэй Нікадымавіч Цеханавецкі, які прадстаўляў інтарэсы новагародзкага ваяводзіча Астафія Гарнастая, выклікаў у аршанскі гродзкі суд «о гвалтовное выбитие спокойного держания с имения Старосельского и з ыменей заднепровских и побитье, помордование и зранение слуг, и бояр, и подданых наших и почынение немало шкод» Івана Іванавіча Сапегу разам з сынамі — Рыгорам і Львом. Адказчыкі на суд не зьявіліся і Цеханавецкі дамогся атрыманьня выраку аб выгнаньні іх за межы дзяржавы «за тое непослушенство», які і адаслаў вялікаму князю і каралю Генрыху Валуа. Аднак толькі Стэфан Баторы, пасьля таго як атрымаў ліст ад аршанскага старосты Філона Кміты-Чарнабыльскага, нягледзячы на скаргі Сапегаў аб несправядлівасьці суда, асудзіў іх у абозе пад Гданьскам 10 жніўня 1577 году на баніцыю (выгнаньне). Да рэалізацыі дэкрэту справа аднак не дайшла. Ужо ў кастрычніку 1577 году манарх скасаваў вырак аршанскага гродзкага суда як супрацьпраўны пасьля звароту падляскага ваяводы Івана Іванавіча Сапегі. Як сведчаць крыніцы, у задворным каралеўскім судзе інтарэсы бацькі бараніў Леў Іванавіч Сапега. Кар'ера якога была прадвызначана ў гэтае першае спатканьне з манархам.
На працягу свайго жыцьця Сапега займаў розныя высокія пасады ў Вялікім княстве Літоўскім: 4 лютага 1580 году ён атрымаў пасаду сакратара Яго Каралеўскай Міласьці Стафана Батуры, а пасьля заключэньня перамiр'я з Маскоўскай дзяржавай стаў пiсарам вялiкiм літоўскім (згадваецца на пасадзе ўжо 3 сакавіка 1581 году. Пасьля адмаўленьня Крыштафа Радзiвiла Пяруна ад пасады падканцлера Леў Іванавіч быў прызначаны на гэтую пасаду 2 лютага 1585 году. 20 ліпеня 1586 году Сапега атрымлівае прывілей на Слонімскае судовае староства па сьмерці Р.Валовіча. Гэтую пасаду ён будзе займаць да 1605 году.
Пад канец варшаўскага пацыфiкацыйнага сойма ў канцы красавiка 1589 году. Леў Іванавіч атрымаў ад Жыгімонта III Вазы пасаду канцлера ВКЛ, якую будзе займаць да прызначэньня на пасаду віленскага ваяводы. Ваяводай віленскім ён стаў у 1623 годзе (вядома з намінацыі на канцлерства ВКЛ яго наступніка — Альбрыхта Станіслава Радзівіла, які атрымаў намінацыйны прывілей на пасаду 6 лютага 1623 году). У некаторых публікацыях намінацыя Сапегі на віленскае ваяводства памылкова падаецца 1621 годам.
Захаваўшы пасаду віленскага ваяводы каля 25 ліпеня 1625 году Леў Іванавіч Сапега быў прызначаны на пасаду найвышэйшага (або вялікага) гетмана ВКЛ. Акрамя таго Леў Іванавіч Сапега займаў пасаду маршалка Галоўнага Трыбунала ВКЛ у 1604, 1624 і 1630 гадах.
На апошнім этапе Лівонскай вайны (1558-1583) праславіўся як ваенны дзеяч і дыплямат. Сфармаваўшы за свой кошт гусарскі полк, ён зьвярнуў на сябе ўвагу пасьпяховымі дзеяньнямі ў бітвах пры Завалаччы, Вялікіх Луках, пры аблозе Пскову. Пасьля заканчэньня вайны Сапега ўзначаліў пасольства Рэчы Паспалітай у Маскву, дзе падпісаў з царом Фёдарам Іванавічам мірнае пагадненьне на 10 гадоў. У 1600 зноў езьдзіў з пасольствам у Маскву, дзе з расейскім царом Барысам Ґадуновам было падпісана чарговае мірнае пагадненьне на 20 гадоў.
Нягледзячы на тое, што паміж Расейскай дзяржавай і Вялікім княствам Літоўскім частымі былі ваенныя і розныя дыпляматычныя сутыкненьні і асабістыя адносіны Сапегі да Масквы не заўсёды былі дружалюбнымі, пасьля сьмерці караля Стафана Батуры яго апанавала думка пра аб'яднаньне Рэчы Паспалітай з Расеяй. Аб'яднаньне славянскіх народаў і абраньне імі адзінага манарха, на яго думку, спрыяла б росту іх эканамічнага і ваеннага патэнцыялу, забясьпечыла б трывалы мір.
Калі ў 1620-я гады ў межы Вялікага княства Літоўскага ў чарговы раз уварваліся швэды, стары гетман ВКЛ зноў стаў на абарону свайго краю і ўзяў удзел у ваенных дзеяньнях, вылучыўшы на фінансаванне войска значную частку сваіх уласных сродкаў (каля 40000 фларэнаў). Быў адным з ініцыятараў падпісаньня сэпаратнага Балдэнмуйжскага замірэньня з Швэцыяй 1627 году і Альтмаркскага міру Рэчы Паспалітай і Швэцыі, заключанага ў 1629 годзе.
Зь імём Ільва Сапегі зьвязаная падрыхтоўка і выданьне 3-га Статута Вялікага княства Літоўскага (1588) і стварэньне ў 1581 Трыбунала Вялікага княства Літоўскага — найвышэйшай судова-апэляцыйнай інстанцыі дзяржавы, аднак і ў распрацоўцы Статута і ў стварэньні Трыбунала прымалі ўдзел шматлікія іншыя сэнатары і шляхціцы ВКЛ.
Філязоўска-прававыя погляды Сапегі значна паўплывалі на зьмест гэтага Статута. Пры яго выданьні Сапега зьмясціў як прадмову да Статута зварот да вялікага князя Жыґімонта ІІІ Вазы і насельніцтва Вялікага княства Літоўскага, дзе абгрунтаваў неабходнасьць гэтай новай кадыфікацыі законаў. Важнай крыніцай вывучэння сацыялягічных поглядаў Лява Сапегі зьяўляюцца таксама яго лісты.
Стары Гетман©
Разработка: Гайдук Екатерина